Ю́ХНАЎСКІ БОЙ 1943,

бой 5-га партыз. атрада (камандзір Р.​А.​Карніец) брыгады «Жалязняк» супраць фаш. гарнізона ў в. Юхнаўка (каля 400 гітлераўцаў), які ахоўваў дарогу Бягомль—Докшыцы Віцебскай вобл. Напярэдадні бою партызаны дэталёва разведалі размяшчэнне ўмацаванняў, агнявых кропак і пастоў аховы гарнізона. На досвітку 13.8.1943 партызаны на чале з нам. камандзіра брыгады «Жалязняк» А.​В.​Склярэнкам штурмам авалодалі гарнізонам. У выніку бою яны знішчылі каля 80 гітлераўцаў, узялі ў палон 48 салдат і 3 афіцэраў, захапілі вял. трафеі. У час бою загінулі 2 партызаны. У в. Юхнаўка ў гонар гэтага бою ў 1964 пастаўлена стэла.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 18, кн. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)